Popis: |
Артыкул прысвечаны комплекснаму аналізу «Слоўніка лясных тэрмінаў» – выдання, у якім упершыню знайшла лексікаграфічнае адлюстраванне лесагаспадарчая тэрміналогія беларускай мовы. У рабоце прааналізаваны асаблівасці структуры дадзенага слоўніка; вылучаны тэматычныя групы зафіксаваных у ім тэрмінаадзінак; выяўлены прынцыпы фарміравання беларускай спецыяльнай лексікі лясной гаспадаркі, якімі кіраваліся складальнікі названага выдання; значная ўвага нададзена структурна-граматычнаму аналізу тэрмінаадзінак. Выяўлена, што па адметнасцях мегаструктуры слоўнік з’яўляецца біскапальным. Усяго ў ім перакладзена 1657 тэрмінаадзінак, якія прадстаўляюць разнастайныя тэматычныя групы: назвы лясных раслін, пладоў; назвы хвароб лясных раслін і шкоднікаў лесу; назвы лясных жывёл, птушак, насякомых, грыбоў; назвы інструментаў, прылад; назвы лесагаспадарчых аперацый і працэсаў; назвы ўстаноў лясной гаспадаркі; назвы прафесій і асоб, звязаных з лесагаспадарчай галіной; назвы паняццяў, звязаных з эканомікай лесу, і інш. Складальнікі «Слоўніка лясных тэрмінаў» у аснову працы паклалі некалькі прынцыпаў: выкарыстанне жывой народнай гаворкі, зварот да запазычанай лексікі, словатворчасць. У адпаведнасці з колькасцю структурна-семантычных частак, якія вылучаюцца ў тэрмінаадзінцы, уся сукупнасць беларускіх тэрмінаў, зафіксаваных у аналізуемым слоўніку, падзелена на 2 групы: моналексемныя (іх каля 47%) і полілексемныя (іх каля 53%). Аднаслоўныя тэрміны прадстаўлены самастойнымі лексемамі: субстантывамі (93%), ад’ектывамі (4%), вербатывамі (3%). Да полілексемных тэрмінаў адносяцца двухлексемныя (іх каля 49%), трохлексемныя (іх каля 4%), сустракаюцца адзінкавыя чатырох- і пяцілексемныя тэрміны. |